ПРЫВІТАННЕ, НОВЫ ГОД!
Таісія Трафімава
ПРЫВІТАННЕ, НОВЫ ГОД!
Звон мядзяны,
Едуць сані…
Дзеці сталі ў карагод.
Ёлка танчыць разам з намі,
Прывітанне, Новы год!
Смех і гоман,
Гульні, жарты,
Песенькі і танцы,
Вой, як хораша жывецца
Ў навагодняй казцы!
Закружыліся сняжынкі
Разам з намі ў карагод,
Дружна ўсе каля ялінкі
Мы сустрэлі Новы год.
ПЕРШЫ СНЕГ
Ноччу выпаў
Першы снег,
За акном – бялютка.
Раздаецца
Звонкі смех
Янкі і Анюткі.
НА САНАЧКАХ
Катаемся,
Куляемся
Да сініх вечароў!
Снегавіку не хочацца
Нас адпускаць
Дамоў.
Ты не сумуй,
Снегавічок,
Ты пачакай
Да ранку, –
Паспі,
Ялінку пад бачок.
Мы будзем
На світанку.
ГАРЭЗНІЦА-МЯЦЕЛІЦА
Гарэзніца-мяцеліца
Пад ногі мякка сцелецца.
І я люблю зіму
За белы снег пуховы,
За чысціню наўкола,
За песні завірухі.
Спявае як!
Паслухай…
ЯКАЯ ЗІМА?
Зіма бывае рознай:
Завейнай
І марознай!
І сонечна-іскрыстай!
Сярэбранай!
Імглістай!
І белай! Чыстай-чыстай!
А часам,
І туманнай,
Аднак такой
Чаканай!